Па традыцыі ў канцы лета дзіцячая бібліятэка запрасіла сваіх чытачоў на падвядзенне вынікаў конкурсу летніх чытанняў “Лета. Кніга. Бібліятэка”. Гасцей віталі вясёлыя скамарохі. А затым героі тэатралізаванага прадстаўлення “Кніжныя прыгоды працягваюцца…” Каралева Лета і Астролаг, Ветрык і Мудрэц, Цыганка і Баба Яга шукалі спосаб, як вызваліць дзяцей, што трапілі ў палон камп’ютарных гульняў. А калі падабрэўшы Камп’ютарны вірус вызваліў “палоннікаў”, гасцей запрасілі ў касмічнае падарожжа. Дзеці пабывалі на “Планеце гульняў і конкурсаў”, “Планеце пераўвасабленняў” і на “Планеце незвычайных жывёл”. Паспяхова выканаўшы ўсе заданні, адказаўшы на пытанні, падвялі вынікі конкурсу летніх чытанняў.
Вызначыць пераможцаў дапамог стэнд з зорачкамі. Кожны наведвальнік, які прачытаў пяць кніг, мог прымацаваць сваю зорачку на імправізаванае неба. За лета стэнд упрыгожылі зорачкі Веранікі Маневіч (7 “Б”, СШ № 1), Лізаветы Агейчык (2 “В”, СШ № 2), Валерыі Сарокі (5 “А”, СШ № 2), Аляксандра Лукашэвіча (4 “В”, гімназія), Яўгена Германчука (3 “Б”, СШ № 1), Аляксандры Даніловіч (5 “Б”, СШ № 2), Карыны Чарнавус (3 “Б”, СШ № 1), Ілоны Карачун (4 “Б”, СШ № 1), Арцёма Александровіча (8 “Б”, СШ № 2), Антаніны Кладавай (3 “А”, СШ № 1) і інш.
Пераможцамі конкурсу ў намінацыі “Лідар летніх чытанняў” сталі вучаніца 3 “А” класа СШ № 1 Дзіяна Мароз і вучаніца 5 “Б” класа гімназіі Маргарыта Дзмітрыева. Вучаніца 8 “А” класа СШ № 2 Марыя Кароль – пераможца ў намінацыі “Самы актыўны наведвальнік чытальнай залы”. Дзяўчынак адзначылі дыпломамі і падарункамі.
Дзеці прынялі ўдзел у літаратурнай гульні-віктарыне “Пагуляем”. Усіх здзівіў дакладнымі адказамі чытач-дашкольнік Аляксей Манецкі, ён і стаў пераможцам.
Дапамогу ў набыцці падарункаў і прызоў для пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу аказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Кананенка. У падрыхтоўцы свята прынялі ўдзел актыўныя чытачы і надзейныя сябры дзіцячай бібліятэкі Аляксандр і Данііл Бароўскія, Аляксандр Ждановіч, Кацярына Зяневіч і Таццяна Арлова.
Ірына ШЭЙНА.
НА ЗДЫМКАХ: у час мерапрыемства.