“Мэта дэкрэта – прымусіць працаваць тых, хто павінен і можа” – аб гэтым Прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка заявіў на мінулым тыдні ў час нарады, на якой абмяркоўваліся актуальныя пытанні развіцця краіны.
Рашэннем кіраўніка дзяржавы выкананне Дэкрэта № 3 пераносіцца на месцы. Так, кантраляваць яго рэалі-зацыю будуць старшыні аблвыканкамаў і Адміністрацыі Прэзідэнта, а праводзіць работу з людзьмі, складаць вывераныя спісы тых, хто трапляе пад дзеянне дакумента, а таксама забяспечваць усіх работай – гэта ўжо абавязак гарадскіх і раённых выканкамаў. Работа над памылкамі неабходна не толькі для ўмацавання аўтарытэту мясцовых улад, яна вяртае дэкрэту першапачатковы сэнс – не караць, а стымуляваць да працоўнай дзейнасці.
Як гэта работа арганізавана і вядзецца ў нашым раёне? На гэта пытанне адказвае старшыня рабочай групы па разглядзе зваротаў грамадзян аб прадастаўленні льгот па рэспубліканскіх падатках, зборах, якія цалкам уплачваюцца ў раённы бюджэт, і па ўплаце збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў Ігар ПЯТРОВІЧ.
– Усяго па раёне было накіравана 770 паведамленняў на вылічэнне такога збору. 149 чалавек яго аплацілі. Па вызваленне ад аплаты збору да нас звярнуліся 56 чалавек, – расказвае Ігар Анатольевіч. – Прыняты рашэнні аб поўным вызваленні ад уплаты збору ў адносінах 41 чалавека, частковым – 2, адмоўлена сямі грамадзянам, на разглядзе знаходзяцца яшчэ два звароты. Атрымалі такія паведамленні, не аплацілі збор і не звярталіся па вызваленне ад яго ўплаты 614 грамадзян.
Асноўнымі прычынамі, што сталі асновай для вызвалення ад уплаты збору, старшыня рабочай групы назваў наступныя: стан здароўя, складанасць у пошуку працы пасля атрымання адукацыі, догляд за хворымі бацькамі (родзічамі), знаходжанне за межамі Рэспублікі Беларусь на працягу больш як 183 каляндарных дзён, выхаванне дзяцей ва ўзросце да сямі гадоў.
Вось прыклад. 23-гадовая дзяўчына ў лютым 2015 года была звольнена з работы па прычыне скарачэння штату. Паўгода даглядала маці, якая перанесла складаную аперацыю. Потым дзяўчына афіцыйна працаўладкавалася. Рабочай групе былі прадстаўлены адпаведныя дакументы. У выніку прынята рашэнне аб вызваленні ад уплаты збору.
– Ужо прайшлі тры пасяджэнні групы, – адзначае Ігар Пятровіч. – Мы разглядаем кожную справу, вывучаем усе матэрыялы, рыхтуем рэкамендацыі, якія выносім на разгляд старшыні райвыканкама. Рашэнне аб вызваленні ад уплаты збору ці адмове прымаюць члены райвыканкама. Вось і 14 сакавіка прынята рашэнне аб дадатковым разглядзе двух такіх зваротаў.
Унікнуць у жыццёвую сітуацыю кожнага чалавека, дапамагчы, матываваць яго да працы – такую задачу ставіць старшыня райвыканкама Сяргей Ляўковіч.
Наколькі змяніўся каэфіцыент беспрацоўных? Якія спецыяльнасці ў раёне з’яўляюцца вакантнымі? Гэтыя пытанні адрасавалі начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Надзеі ЦУПА.
– Па стане на 1 сакавіка 2017 года ў раёне зарэгістраваны 102 беспрацоўныя, 21 працаўладкаваны. За два месяцы колькасць беспрацоўных вырасла на 30 чалавек. Узровень беспрацоўя на 1 студзеня 2017 года складаў 0,7 % ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва раёна, на 1 сакавіка гэты каэфіцыент склаў 1 %, – расказвае Надзея Анатольеўна. – Сёння ў раёне колькасць вольных рабочых месцаў, заяўленых арганізацыямі ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, складае 100 вакансій, з іх 47 па рабочых прафесіях і 53 – служачыя. Недахоп у кадрах маюць сельскагаспадарчыя арганізацыі (каля 40 месцаў), дзе патрэбны інжынеры, аператары машыннага даення, трактарысты-машыністы, ветэрынарныя ўрачы і ветфельчары, заатэхнікі, аграномы…
Акрамя таго, пры пастаноўцы на ўлік у якасці беспрацоўных, людзям можа быць прапанавана фінансавая дапамога ў выглядзе субсідый для садзейнічання ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, накіраванне на прафесійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку і іншае.
Вера ЛУКАШЭВІЧ