Сёмага красавіка ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса прайшла творчая сустрэча з Палінай Кучук (на здымку). Гэта быў своеасаблівы літаратурны дэбют маладой жыхаркі нашага горада, сёлетняй выпускніцы факультэта міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта.
Да гэтага Паліну больш ведалі сябры з маладзёжнага раённага літаратурна-творчага аб’яднання “Вясёлка” ды тыя, хто цікавіцца паэзіяй у сетцы Інтэрнэт, дзе наша зямлячка выстаўляе свае творы пад псеўданімам Рандзір і некаторымі іншымі. “Што азначае гэта слова?” – спыталі недасведчаныя ў творчых памкненнях аўтаркі слухачы.
— Ды ўсё проста, — усміхнулася дзяўчына. – У перакладзе на беларускую мову гэта вандроўнік, падарожнік.
Вось і запрасіла Паліна ўсіх, хто завітаў на творчую сустрэчу, у своеасаблівае падарожжа па таямніцах яе душы. У адрозненне ад шматлікіх юбілейных і простых вечарын, прэзентацый, сустрэч, іншых падобных мерапрыемстваў гэтыя дзве гадзіны прайшлі ў фармаце “тэатр аднаго акцёра”.
Гэта быў не расказ маладога чалавека, які ўступае ў самастойнае жыццё нясмелым падлеткам, што шукае сваё месца ў гэтым жыцці, не вызначыўшыся з арыенцірамі, спатыкаючыся і набіваючы першыя гузакі, а маналог творча ўзбагачанай энцыклапедычнымі ведамі ў літаратуры, культуры, мастацтва асобы. Пасля су-стрэчы многія пераканаліся ў тым, што ў гэтай дзяўчыне хаваюцца высокая эрудыцыя, своеасаблівае ўспрыняцце нашага няпростага свету, тонкае разуменне прыроды, мастацтва, усяго прыгожага і пастаяннае імкненне да новых ведаў, самаўдасканалення.
“На исходе лета говорили листья,” – загучалі першыя лірычныя радкі, і прысутныя, пазіраючы на маляўнічыя вераснёўскія слайды, слухаючы ціхі голас паэткі, сталі паступова акунацца ў яе свет. Свет па-чуццяў, свет эмоцый, свет няпростых разважанняў, асэнсавання эстэтычных каштоўнасцяў. Выступленне суправаджалася каляровымі фотаздымкамі і кадрамі чорна-белай кінахронікі, фонавай музыкай і … нязвыклай цішынёй. Усё гэта так гарманічна перапляталася, дапаўняла агульную канцэпцыю дзейства, стварала самы сапраўдны спектакль, гледачы якога, перапыняючы выступленне апладысментамі, крок за крокам пераадольвалі разам з аўтаркай-экскурсаводам краіны і кантыненты, сучасныя мясціны і помнікі архітэктуры, культуры з мінулых эпох.
Для таго, каб чытачы пераканаліся ў разнастайнасці густаў і духоўным багацці Паліны Кучук, за плячамі якой, нагадаю, не багаты жыццёвы вопыт, а ўсяго толькі студэнцкія гады і самастойныя пошукі адказаў на хвалюючыя яе пытанні ў бібліятэках ды сусветнай павуціне, зраблю кароткі пералік тэм, якія дзяўчына вынесла на суд чытачам, слухачам у вершаванай форме. Урбаністыка (а сустрэча так і называлася: “Гораду сняцца сны”). Старонкі гісторыі (Вялікая Айчынная вайна, прытым з пункту погляду не толькі прадстаўніка краіны-пераможцы, але і смутак з нагоды разбурэння ў гады ліхалецця многіх нямецкіх гарадоў з іх багатай архітэктурай, культурай, літаратурай). Краіны, гарады (Германія, Францыя, Японія з іх адметнымі асаблівасцямі). Пераклады вершаў англійскіх пісьменнікаў Эдгара По, Роберта Стывенсана, французскага Поля Верлена (упершыню – на беларускую мову!), з польскай мовы з арыгінальным прачытаннем на мовах арыгіналаў. Вершы-прысвячэнні сябрам з Украіны, Расіі. Казкі Андэрсэна. Жанр амерыканскай літаратуры “паўднёвая готыка”. Іспанскія, італьянскія танцы. Касмічная фантастыка. Матывы дэкадансу, постмадэрнізму, апакаліпсісу. Скандынаўская музыка. Англійскія дзіцячыя песні… Нават проста разабрацца ў тонкасцях гэтых розных культурных пластоў, філасофскіх накірункаў няпроста, а Паліна здолела прапусціць усё гэта праз уласную душу і – вынесла на суд слухачам у выглядзе вершаваных радкоў.
Выпускніца БДУ атрымала вольнае размеркаванне, так што ўздзенцы будуць мець магчымасць часта судакранацца з яе творчасцю. Але я не здзіўлюся, калі праз які пяток гадоў яе прозвішча ўсплыве ў кантэксце знакавых на еўрапейскім узроўні падзей, мерапрыемстваў, сярод асоб, што праславяць нашу родную старонку.
Віктар САБАЛЕЎСКІ
Календарь
Рубрики
- Cлужба 101
- V ВСЕБЕЛОРУССКОЕ НАРОДНОЕ СОБРАНИЕ
- Адукацыя
- Актуальна
- Архіў
- Афіцыйна
- Ахова працы
- Беларусь — гэта мы
- Блог ЧЗ
- Выбар
- Выбары — 2016
- Выборы — 2018
- Гасціннасць
- Год малой родины
- Добраўпарадкаванне
- Жартуем разам з Крапівой
- З НОВЫМ ГОДАМ І КАЛЯДАМІ
- З рэдакцыйнай пошты
- За радком дырэктывы
- Зваротная сувязь
- Землякі
- Калейдаскоп
- Кантроль
- конкурсы
- Культура
- Минской области — 80 лет
- Моладзь
- Наступствы зімы
- Падзея
- Памяць
- Прадпрымальніцтва
- Пракуратура
- Прамая лінія
- Прафарыентацыя
- Прафесія
- Прафілактыка
- Прырода і мы
- Рэклама
- Санслужба інфармуе
- Сацыяльны вектар
- Свет з Богам
- Свет кнігі
- Святы
- Сельская гаспадарка
- Служба 102
- Служба 103
- Спорт и здароўе
- Сям'я
- Уздзенскі РАСК інфармуе
- Улада
- Хорошо нам вместе)
- Чарнобыль у маім сэрцы
- ЧАС ВЯЛІКІХ ПЕРАМЕН
- Эканоміка
Добавить комментарий
Хостинг и техподдержка: УП «Минская волна»
Copyright © 2018 Узда. Узденский район | Чырвоная зорка. Районная газета All Rights Reserved.