30 сакавіка на базе ўстаноў адукацыі Уздзеншчыны прайшла выязная нарада ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. У ёй прынялі ўдзел работнікі апарата ўпраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, начальнікі раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікі ўстаноў адукацыі абласнога падпарадкавання, старшыні раённых камітэтаў Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Узначаліла групу начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Галіна Казак.
Асноўныя пытанні, якія выносіліся на абмеркаванне, тычыліся выканання Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 “Аб прыярытэтных накірунках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы” і плана мерапрыемстваў па кадравым забеспячэнні ўстаноў адукацыі сталічнай вобласці ў мінулым годзе, а таксама вынікаў маніторынгу арганізацыі харчавання ва ўстановах агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі.
Аднак галоўным лейтматывам мерапрыемства стаў абмен вопытам. А педагогам Уздзеншчыны ёсць чым падзяліцца з калегамі. Багатую палітру творчых напрацовак прадставілі педагагічныя калектывы раёна ў час прэзентацыі адукацыйнай прасторы раёна “Прафесіяналізм. Майстэрства. Творчасць”. Так, напрыклад, не першы год па сцяжынцы пажарнай бяспекі ўпэўнена крочыць дружная сям’я педагогаў, выхаванцаў і іх бацькоў з дзіцячых ясляў-сада № 3. Прыярытэтным напрамкам у рабоце з дашкольнікамі выхавальнікі цэнтра развіцця дзіцяці “Вясёлка” абралі мастацка-эстэтычны: хлопчыкі і дзяўчынкі спаўна раскрываюць свае таленты ў час заняткаў вакалам, выяўленчым мастацтвам, тэатральнай дзейнасцю, харэаграфіяй і рытмікай. Пры гэтым ні ў адной дашкольнай установе не забываюць пра спорт і даследчую дзейнасць – школьнікі неаднаразва станавіліся дыпламантамі, прызёрамі і лаўрэатамі конкурсаў рознага ўзроўню. Па прынцыпе “Твары дабро і яно абавязкова табе дабром адгукнецца” жывуць валанцёры СШ № 1 імя А. Пушкіна, якія заўсёды гатовы працягнуць руку дапамогі тым, каму яна патрэбна: пажылым і адзінокім састарэлым грамадзянам, дзецям і падлеткам з абмежаванымі магчымасцямі. Прапагандай беларускай мовы, якую, як адзначаюць многія, хутка можна будзе занесці ў разрад замежных, актыўна займаюцца ў Нёманскай сярэдняй школе імя і. Гурскага, прычым робяць гэта творча. Пагадзіцеся, не так гэта і проста франкамоўны верш з дапамогай рыфмы ператварыць у беларускамоўны. А вось нёманскім школьнікам гэта пад сілу! Колькасцю юных даследчыкаў славіцца і Дзешчанская сярэдняя школа-дзіцячы сад, і кола даследчых і навуковых работ тут уражвае. Прычым работа гэта планамерная. Нездарма вучань гэтай школы Ілья Лойка патрапіў у лік стыпендыятаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. 285 выхаванцаў, якія займаюцца ў секцыях лёгкай атлетыкі і боксу і не ўяўляюць свайго жыцця без спорту, сабрала пад сваім дахам дзіцячая юнацкая спартыўная школа. Не меншай колькасцю наведвальнікаў, якія займаюцца больш як у 20 гуртках рознага накірунку (краязнаўчы, турыстычны, тэатральны, камп’ютарны, мастацкі, вышывання і г. д.), можа пахваліцца і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.
Вітаючы ўдзельнікаў нарады, намеснік старшыні райвыканкама Вера Барысевіч адзначыла:
– Жыхары нашага раёна ганарацца сваёй малой радзімай, бо яна –калыска для многіх таленавітых і выдатных людзей, якія праславілі яе рознымі прафесійнымі дасягненнямі. На сённяшні дзень Уздзенскі раён, дзякуючы шчырым намаганням працаўнікоў розных пакаленняў, уяўляе сабой рэгіён, які дынамічна развіваецца, з сучаснай інфраструктурай і эфектыўнай сельскагаспадарчай вытворчасцю (а наш раён і з’яўляецца менавіта сельскагаспадарчым), актыўным удзелам малога і сярэдняга бізнесу, адкрыты для дзелавых партнёраў і развіцця аграэкатурызму. Сваю лепту сумленнай працай у дабрабыт раёна ўносяць і педагогі, сярод якіх шмат творчых, крэатыўных і часам неардынарных асоб.
У гэтым госці нарады пераканаліся і самі, калі, падзяліўшыся на некалькі груп, накіраваліся па маршрутах, у час якіх наведалі санаторную школу-інтэрнат, сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, СШ № 1 імя А. Пушкіна, гімназію, СШ № 2 імя К. Крапівы, дзіцячыя яслі-сад № 3 і цэнтр развіцця дзіцяці “Вячёлка”.
Пасля начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Уладзімір Казючыц адзначыў:
– Мы пастараліся наглядна прадэманстраваць магчымасці нашых устаноў адукацыі, і, мяркую, у нас атрымалася прыемна здзівіць нашых гасцей. Тым больш, што гэта быў сапраўдны калейдаскоп: лабараторныя эксперыменты хімікаў з гімназіі, тэатральная пастаноўка “Дзюймовачка” ў выкананні пачынаючых артыстаў з “Вясёлкі”, аздараўленчыя працэдуры, якія дораць шмат станоўчых эмоцый дзецям з розных куткоў вобласці, што ўсяго толькі адну чвэрць навучаюцца ў санаторнай школе-інтэрнаце, ці, напрыклад, пушкінскі баль, які дазволіў усім акунуцца ў атмасферу ХІХ стагоддзя…
І, сапраўды, інтарэс госці праяўлялі літаральна да ўсяго, што бачылі. Гэта і шахматы з фетру, і пакой пажарнай бяспекі, і выстаўка карцін выпускніка СШ № 1 Уладзіміра Будніка, і экспанаты школьных музеяў… Гэта і многае іншае яны спяшаліся сфатаграфаваць на мабільныя тэлефоны, многія задавалі вучням і настаўнікам пытанні, на якія тут жа чулі граматныя адказы.
Увогуле, агульнае ўражанне ўдзельнікаў педагагічнага форуму можна акрэсліць так: “Адукацыйная прастора Уздзенскага раёна ўяўляе сабой дасканалую сістэму, якая дазваляе кожнаму навучэнцу атрымаць якасную адукацыю згодна яго запатрабаванням, здольнасцям і магчымасцям”. На гэта ў час другой часткі нарады – пленарнага пасяджэння – звярнула ўвагу і начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Казак.
Галіна КАЗАК, начальнік упраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта:
На працягу апошніх гадоў сістэма адукацыі вобласці дасягнула значных поспехаў. Педагагічныя калектывы Міншчыны, у тым ліку і Уздзенскага раёна, знаходзяцца ў пастаянным прафесійным пошуку, удзельнічаюць у інавацыйных рэгіянальных праектах і эксперыментальнай дзейнасці, ствараюць умовы для развіцця і выхавання юных грамадзян нашай краіны.
Ва ўстановах адукацыі засяроджаны велізарны інтэлектуальны і творчы патэнцыял. Тут працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы, сярод якіх нямала ўладальнікаў урадавых узнагарод, ганаровых званняў, грамат аблвыканкама і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, пераможцаў і лаўрэатаў прафесійных конкурсаў, спецыяльнай прэміі Мінаблвыканкама “Чалавек года Міншчыны” і інш.
Перамогі школьнікаў Мінскай вобласці ў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядах, конкурсах, спаборніцтвах; іх актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны – вынік працавітасці і высокага прафесіяналізму кожнага супрацоўніка ўстановы адукацыі педагога
Мінскі абласны выканаўчы камітэт, упраўленне адукацыі аказваюць ўсебаковую падтрымку педагогам і навучэнцам, якія спрыяюць умацаванню кадравага патэнцыялу ўстаноў адукацыі, паляпшэнню іх сучаснага матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння.
Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота)