Свята Купалля ў Дзешчанцы — традыцыйнае. Толькі такога масавага і яркага, як гэта было сёлета, тут не памятаюць даўно. А атрымалася яно такім відовішчным і прыгожым, бадай, таму, што ў падрыхтоўцы і правядзенні гэтага абрадавага свята было задзейнічана вельмі шмат людзей.
Месцам правядзення такога маштабнага вясковага свята стала на гэты раз пляцоўка за магазінам, дзе яшчэ месяц-два таму было звычайнае поле. Ініцыятарам яе акультурвання выступіў мясцовы жыхар Генадзій Іванавіч Быцай, які шмат чаго зрабіў там сваімі рукамі. Пры непасрэднай падтрымцы старшыні Дзешчанскага сельвыканкама Уладзіміра Балцянкова былі ўстаноўлены лаўкі, спартыўны міні-комплекс. Наладзіць асвятленне дапамог Юрый Баруценка. Некаторыя гаспадарчыя пытанні ўзяў на сябе і мясцовы фермер Юрый Лойка, які, дарэчы, спансіраваў і галоўнымі выйгрышамі для бяспройгрышнай латарэі – мяхамі збожжа. Добрую спонсарскую падтрымку атрымалі арганізатары свята і ад індывідуальнага прадпрымальніка Віктара Рашанка. А яго калега Ілья Шчарбук арганізаваў для аднавяскоўцаў сочны смачны шашлык і свежы духмяны квас. Атракцыёны для дзяцей, попкорн, салодкую вату паставіў на свята прадпрымальнік з райцэнтра Дзмітрый Шытыка.
А пасля ўжо ініцыятыву ўзялі ў свае рукі работнікі цэнтра вольнага часу і іх памочнікі. Розныя вобразы прымералі да сябе ў той купальскі вечар дырэктар установы Алена Сарока і мастацкі кіраўнік Вікторыя Гусева. Удала перапляталіся ў праграме свята тэатралізаванае прадстаўленне, канцэрт, гульнёвая праграма. Выстаўку падзелак з саломы прадставіла кіраўнік аматарсакага аб’яднання Таццяна Гусарава. Майстар-клас тут жа праводзілі яе выхаванцы Дзяніс Сарока і Арцём Юдэнка. Выступала вакальная група “Вдохновенье” і салісты Марына Манькоўская, Алег Гусараў. Музычнае суправаджэнне ўсяго свята забяспечвала Наталля Стральцова. Добрымі памочнікамі дарослых сталі і дзяўчынкі – школьніцы Дар’я Баруценка, Вікторыя Кавалёва і Ангеліна Лятун, якія праводзілі з равеснікамі гульні, флэш-моб, розныя іншыя забавы.
Сваю лепту ўнесла ў свята і майстрыха з Каралёва Ніна Бялых, якая арганізавала выстаўку работ з лазы і рабіла аквагрым. І гэты другі яе, “размаляваны” занятак захапіў настолькі дзяцей і дарослых, што да мастачкі былая чарга, а пасля, калі размаляваная купальскай тэматыкай публіка сустрэлася каля вогнішча, утварыўся сапраўдны карнавал. Дарэчы, і вогнішча, каля якога вадзілі карагоды, спявалі абрадавыя песні, праводзілі гульні, было складзенае па ўсіх правілах і гарэла на працягу амаль дзвюх гадзін. Кульмінацыяй купальскай ночы стала шуканне папараць-кветкі. І такім шчасліўчыкам стаў у Дзешчанцы Арсеній Надтока. Дастаўся яму і салодкі прыз. Добры настрой, яркія ўражанні і незабыўныя эмоцыі сталі агульным прызам для ўсіх, хто пабываў на гэтым вясёлым свяце.
Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ