7 жніўня на базе трох раёнаў Мінскай вобласці – Дзяржынскага, Стаўбцоўскага і Уздзенскага — прайшоў рэспубліканскі семінар-нарада па тэме: “Прымяненне сучасных метадаў гандлю”. Удзельнікамі яго сталі прадстаўнікі Белкаапсаюза, Мінскага аблспажыўсаюза, старшыні і іх намеснікі па гандлі праўленняў аблспажыўсаюзаў, старшыні райспажыўтаварыстваў, дырэктары унітарных прадпрыемстваў “Белкаапзнешнеторг” і “Завод Белкааппрагрэс”, кіраўнікі Слуцкай базы аблспажыўсаюза.
На Уздзеншчыне аб’ектамі павышанай увагі ў гэты дзень сталі магазіны “Родны кут” у аграгарадках Ліцвяны і Войкава і магазін “Нёман” у райцэнтры. Ва ўсіх іх былі праведзены добрыя рамонты, зроблена – у выніку чаго перапланіроўка і ўсе яны запрацавалі ў рэжыме самаабслугоўвння, дзе пакупніку прапануецца не толькі шырокі выбар тавару, а і магчымасць выбраць яго самастойна. Практычна сапраўдныя “еўраопты-міні” атрымаліся. Як адзначыў кіраўнік Белкаапсаюза Валерый Іваноў: “Тавар практычна той жа, аднак усё астатняе зусім новае. Вось такімі павінны быць усе нашы сельскія магазіны”. Паверце, пачуць такое пры ўваходзе ў “Родны кут” у Войкаве, дзе яшчэ месяц назад можна было назіраць іншы малюнак, ды, дарэчы, і ў Ліцвянах, увесь тавар быў “за прылаўкам”, было даволі прыемна. Такія ж станоўчыя эмоцыі выказвалі і мясцовыя пакупнікі для якіх усё гэта перайначвалася. Ды не толькі эмоцыі “гаварылі” тут. Па сведчанні загадчыцы магазіна ў Ліцвянах Валянціны Шыбко, тавараабарот пасля такой мадэрнізацыі павялічыўся амаль на 30%. А тое, што выбар выпаў менавіта на гэтыя сельскія гандлёвыя кропкі тлумачыцца перспектыўнасцю аграгарадкоў.
Змяніў аблічча і магазін “Нёман”, дзе самыя запатрабаваныя аддзелы “Кулінарыя” і “Мясная лаўка”. Такое “добрасуседства” вытворчасці і гандлю добра зарэкамендавала сябе, а ў абноўленым сучасным фармаце таксама стала наглядным прыкладам новых тэндэнцый, на якія робіць стаўку Белкаапсаюз. Не выпадкова, і тут, як і на папярэдніх аб’ектах, удзельнікі семінара актыўна фатаграфавалі ўбачанае, задавалі шмат пытанняў гаспадарам. З задавальненнем адказваў на іх старшыня райспажыўтаварыства Іван Гаравец і яго калегі. Падводзячы вынікі зробленага, Іван Іванавіч шчыра падзякаваў будаўнікам, прадаўцам, таваразнаўцам і ўсім калегам, якія тры тыдні рыхтаваліся да прыёму гасцей з усёй рэспублікі.
- Семінары прыходзяць і адыходзяць, а тое, што зроблена, застаецца нашым спажыўцам, — зазначыў кіраўнік праўлення райспажыўтаварыства. – І калі напачатку падрыхтоўкі да такога семінара было шмат недаверу, песімізму, то ў апошнія выхадныя, а прыхоплівалі мы і нерабочы час, людзей ужо не трэба было ўгаворваць, бо ўсе наглядна бачылі, што ўсё задуманае атрымалася. І цяпер усім нам прыемна зайсці ў магазін, дзе камфортна, усё вытрымана ў адзіным стылі, тавар знаходзіцца ў свабодным доступе і пакупнік сам можа выбраць і ацаніць яго якасць. А мы будзем старацца па-максімуму падтрымліваць неабходны асартымент.
Толькі пры такім раскладзе, напэўна, можна вытрымаць тую канкурэнцыю, якая зараз складваецца ў гандлі. Тыя паўпустыя прылаўкі і выцвіўшыя вітрыны ўжо не прыцягваюць ні вясковага пакупніка, ні гарадскога дачніка. Патрабаванні кожнага з іх аргументаваныя, і іх ён пацвярджае сваім кашальком.
Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Сяргея ШАРАЯ