Прыгожы падарунак аднавяскоўцам у пачатку жніўня зрабіў ураджэнец вёскі Мрочкі Аляксандр Міхайлавіч ШЧАСНОВІЧ, выступіўшы арганізатарам свята, якое аб’яднала дзясяткі вясковых жыхароў і тых, хто прыязджае ў бацькоўскія хаты па сезону.
Што падштурхнула ваеннага чалавека на падобны ўчынак? Хто дапамагаў яму ў ажыццяўленні задумкі? На гэтыя і не толькі пытанні папрасіла адказаць мужчыну, які, дарэчы, жыве ў Маскве.
– Вясной я ў чарговы раз прыехаў у вёску. Ды і нагода для гэтага была добрая – юбілейны дзень нараджэння брата, – расказвае Аляксандр Міхайлавіч. – Сядзелі, размаўлялі. Хтосьці з родных сказаў, што ў Беларусі гэты год аб’ялены Годам малой радзімы. Стаў прыводзіць факты, што паўсюдна па краіне ладзяцца мерапрыемствы для землякоў, праводзяцца суботнікі па добраўпарадкаванні маленькіх населеных пунктаў. Тады і падумалі, а можа і ў нашых Мрочках арганізавць штосьці падобнае. У гэтай задумцы мяне падтрымалі родныя. Падхапіла ідэю і старэйшына Валянціна Дзядзькіна, адзначыўшы, што падобная сустрэча яшчэ больш згуртуе людзей. І пры гэтым дадала: добра было б і парадак на могілках навесці, бо там многа кустоў і старых дрэў, якія псуюць знешні выгляд месца, дзе адпачываюць нашы продкі.
А паколькі Аляксандр Шчасновіч – чалавек слова (ваенная дысцыпліна, загартоўка і адказнасць у крыві гэтага мужчыны), ад задуманага ён не адмовіўся. Аказаная ім спонсарская дапамога пайшла на добраўпарадкаванне вясковых могілак, дзе былі ліквідаваны старыя дрэвы, узрост якіх вымяраўся ўжо нават не адным дзясяткам гадоў, і высечаны шматлікія кусты.
…Той суботні дзень чакалі ўсе. Хаця моцны вецер з дажджом, якія папярэднічалі святочнай даце, нарабілі шмат шкоды, пазрываўшы на многіх дамах дахі, людзі, хто паспеў, а хто завяршаў рамонтныя работы, укладалі на яго шмат надзей і спадзяванняў – для большасці гэта была сустрэча з мінулым, сённяшнім і будучым.
Святочнае мерапрыемства ля помніка, устаноўленага ў гонар жыхароў Мрочак, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, адкрыла старшыня Слабадскога сельвыканкама Таццяна Пракацень.
– Галоўнае багацце Мрочак – людзі, якія душой і сэрцам хварэюць за сваю вёску. І сённяшняе свята таму яскравае пацвярджэнне, бо яно арганізавана па поклічу сэрца тых, хто хоць і жыве за тысячы кіламетраў ад яе, але ў думках заўсёды побач з бацькоўскім домам, суседзямі, аднавяскоўцамі, – сказала Таццяна Паўлаўна.
Адметнасцю дня стала наведванне вяскоўцамі могілак. З якімі думкамі туды ішлі людзі? Каб ушанаваць памяць ахвяр вайны… Каб успомніць родных і блізкіх… Каб хоць на хвіліну акунуцца ў мінулае… Каб адчуць сувязь пакаленняў…
Перш чым разысціся да магіл родных, вяскоўцы спыніліся каля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў гады вайны.
– Старыя людзі расказвалі, што пахаваны тут салдаты, якіх немцы прывозілі з Узды і расстрэльвалі. Мясцовым жа жыхарам строга забаранялася набліжацца да трупаў, інакш іх чакала смерць. Аднак вяскоўцы не маглі дазволіць, каб людзі не былі пахаваны. Праз колькі дзён яны, хоць і страшна было, сабралі целы і пахавалі ў адной магіле. Апазнаны былі не ўсе, бо не пры кожным быў медальён, – паведала старэйшына вёскі Валянціна Дзядзькіна, пасля чаго да падножжа помніка былі ўскладзены кветкі і карзіна.
Даніну памяці аддалі вяскоўцы і паэту Віктару Казлоўскаму, апошнія дні якога прайшлі ў вёсцы, адкуль ён сам родам, пад апекай сваякоў.
Затым быў экскурс у мінулае вёскі. Адну за другой старонкі гісторыі Мрочак з жыхарамі перагортвала Яўгенія Віктараўна Шчасновіч. Здаецца, у сваім аповедзе жанчына закранула ўсё, што звязана з вёскай. Гэта і гісторыя кахання, з якой звязваюць паходжанне назвы мрочак… Гэта і французскія курганы, якія рассыпаліся па беларускай зямлі пасля нашэсця Напалеона… Гэта і крывавыя плямы ад гарачага дыхання вайны 1941-1945 гадоў.
Нечаканым сюпрызам для старажылаў вёскі – Яўгеніі Рудакоўскай, Алены Міцэвіч, Фені Рудакоўскай, Леаніды Галаўнёвай і Евы Шчасновіч – сталі падарункі ад арганізатара свята.
– Жыццё кожнай з вас – гэта часцінка гісторыі нашай вёскі, гэта вопыт, накоплены гадамі, гэта мудрасць, якую трэба браць на заметку маладым, – сказаў Аляксандр Міхайлавіч. – Дай вам бог здароўя яшчэ на доўгія гады!
Прыгожы верш вяскоўцам прысвяціла і Наталля Паўловіч.
Это место всякий знает,
Там, где Лоша протекает,
Между Копылем, Уздой,
Рай земной есть, небольшой.
Здесь красоты, ясны ночки,
Любят все деревню Мрочки.
Здесь истоки, здесь земля,
Здесь друг другу все – родня.
Пасля ўсіх, хто завітаў на свята, чакаў яшчэ адзін прыемны бонус – паўтарагадзінны канцэрт ад народнага ансамбля народнай песні “Зборная субота”. Дзясяткі песень на розны густ у выкананні уздзенскіх артыстаў пад кіраўніцтвам Людмілы Казей прыйшліся да спадобы ўсім. Пад самыя рытмічныя песні многія нават у скокі пусціліся.
Вёска гуляла да позняга вечара. Сумаваць не даводзілася, бо тут былі і конкурсы, і танцы, і песні, і душэўныя размовы…
Анатолій Вікенцьевіч ЛУЦЭВІЧ:
– Калі даведаўся пра тое, што ў вёсцы будзе ладзіцца свята, вырашыў, што прапусціць яго я проста не магу. Гэта ж мая радзіма. Тут жылі мае бацькі, тут я нарадзіўся. Колькі прыемных і не вельмі ўспамінаў з ёю звязана. Я быў малы, калі пачалася вайна. Як цяпер помню, узяў заслончык, падцягнуў да акна, залез на яго і стаў пазіраць на дарогу. Убачыў групу людзей у незнаёмай вопратцы. Стаў гукаць бацькоў: “Гэта што немцы?” Маці з бацькам за нас, малых, – і хутчэй у лес, бацька нават каня за сабой пацягнуў. А колькі разоў у бульбе адлежваліся, а над галовамі кулі свісталі… А як хаты і хлявы палілі… Адным словам, жахаў і страху на ўсё жыццё хапіла… Але ж нічога. Выжылі.
За Аляксандра вельмі рады. Добрую справу са сваімі роднымі ён зрабіў. Гэта ж колькі эмоцый ён падарыў усім нам! А за добраўпарадкаванне могілак яму асобныя словы ўдзячнасці.
Фотарэпартаж Веры ЛУКАШЭВІЧ