Яркім і творчым быў мінулы год для жыхаркі нашага райцэнтра, аматара літаратурнага слова Вольгі Бокуць-Чабатаровай.
На рахунку Вольгі Рыгораўны не адзін вершаваны і празаічны твор, якія па меры накаплення яна збірае ў невялікія зборнікі. Вось і напрыканцы снежня прайшла чарговая прэзентацыя творчых знаходак аўтаркі – літаратурна-мастацкага праекта ў сааўтарстве з фотакарэспандэнтам раённай газеты Сяргеем Шараем “Мой родны край, мая любоў”. Як адзначыла Вольга Рыгораўна, на стварэнне гэтага альбома яе падштурхнуў выпадак. Напрыканцы лета яна прыйшла ў рэдакцыю на падвядзенне вынікаў аднаго з конкурсаў і ў кабінеце рэдактара заўважыла серыю здымкаў нашага калегі – у асноўным пейзажы.
– Так супала, што паралельна на старонках газеты з’явілася новая рубрыка “Гімн малой Радзіме”, дзе здымкі суправаджаліся вершаванымі радкамі, – расказвала жанчына сябрам, знаёмым, усім, хто завітаў на яе творчы вечар “Калі душа радок дыктуе”, які праходзіў у літаратурнай гасцёўні “У Паўлюка” ў раённай бібліятэцы. – Літаральна тут жа на адзін са здымкаў ў мяне і склаліся чатыры радкі. І прычым – на беларускай мове…
Сапраўды, да гэтага часу Вольга Рыгораўна амаль не пісала па-беларуску, ёй лягчэй было адлюстроўваць думкі на рускай мове. А тут радкі сталі проста ісці ад сэрца…
– І я стала іх запісваць. А яшчэ падбіраць пад кожны з іх здымак. У выніку такіх вершаў-прысвячэнняў назбіралася не адзін дзясятак. Захацелася, каб іх прачыталі не толькі сябры “Чырвонай зоркі”, бо гэтыя чатырохрадковыя гімны перыядычна друкаваліся на стронках газеты, але і іншыя людзі, – адзначыла Вольга Рыгораўна. – Зразумела, фотаработы Сяргея ў рэкламе не маюць патрэбы, але мне хацелася бачыць і іх у сваім зборнічку. Прыемна, што малады чалавек не адмовіў мне ў просьбе выкарыстаць яго здымкі, асобныя з іх нават падбіраў асабіста. У выніку сумеснай работы пры дапамозе бібліятэчыных работнікаў і атрымаўся гэты міні-альбом.
У хвіліны творчых узлётаў уздзенскія літаратары-аматары не застаюцца без падтрымкі. Вось і Вольгу Бокуць-Чабатарову ў яе паэтычнай апантанасці падтрымліваюць родныя. “Магчымасць пісаць для мамы – гэта не проста рэалізацыя себя, але і хвіліны радасці, якія яна дорыць сваім блізкім. Кожны яе верш, віншавальнае прысвячэнне – гэта покліч сэрца і душы, перажыванні за нас, дзяцей і ўнучак. А яшчэ гэта заўсёды прыемны падарунак, які не параўнаеш з традыцыйнымі, набытымі ў магазінах”, – адзначыла дачка Вольгі Рыгораўны Ілона Трацэўская.
Свае шчырыя пажаданні віноўніцы вечарыны адрасавалі таксама сябры і члены літаратурнага аб’яднання “Нёманец”, для якіх Вольга Бокуць была і застаецца чалавекам з вялікім сэрцам і шчырай душой, а яе творы абуджаюць да добрага і светлага.
Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота)